СЛЕ́ЦКАЯ ДРУКА́РНЯ Існавала ў 1672—1705 у г. Слуцк Мінскай вобл. Першая спроба стварыць яе зроблена ў 1665. Распачала дзейнасць на базе княжацкай друкарні Радзівілаў, што перавезена з Мітавы (цяпер г. Елгава, Латвія). У 1693 княгіня Людавіка Караліна Радзівіл перадала друкарню сіноду кальвінісцкай царквы ВКЛ, які перавёў яе ў час Паўн. вайны 1700—21 у г. Кёнігсберг (цяпер Калінінград, Расія). У С.д. друкаваліся на польскай мове рэліг. кнігі, ваен. і геагр. выданні, маст. творы, календары, навуч. дапаможнікі, мемуары, гравюры, пераклады з ням. і франц. моў. За перыяд 1673—87 выдадзены 23 кнігі тыражом 24 200 экз. Вядома 29 назваў кніг, у т. л. «Абшарнік, або Гаспадар ліфляндскі» І.Германа (1673), «Неабходныя заўвагі пра ваенны парадак» А.М.Фрэдры (1675), «Турэцкая манархія» П.Рыко ў пер. К.Клакоцкага (1678) з гравюрамі М.Вашчанкі, «Руская тэорыя» — падручнік па бел. мове. Тыражы кніг вагаліся ад 82—100 да 3389 экз. Выданні выкарыстоўваліся як падарункі, у Слуцку і Капылі іх прадаваў княжацкі гандляр Цэрнер.
Літ.:
Грицкевич А.П. Книжное дело в феодальном Слуцке в XVI—XVIII вв. // Вопросы библиографоведения и библиотековедения. Мн., 1983. Вып. 4;
Яго ж. Слуцк: Ист.-экон. очерк. 2 изд. Мн., 1970;
Яго ж. Древний город на Случи. Мн., 1985;
Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.
А.П.Грыцкевіч.
т. 15, с. 29
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)